«БЮЛЕТЭ́НЬ ПАСО́ЛЬСКАГА КЛУ́БА БЕЛАРУ́СКАЙ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЙ ГРАМАДЫ́» , орган левага крыла бел. парламенцкай фракцыі ў сейме Польшчы. Выдаваўся з 11.7.1925 да 4.12.1926 у Вільні на бел. мове. Друкаваў прамовы грамадаўскіх дэпутатаў у сейме, іх інтэрпеляцыі (запытанні), звароты да польскага ўрада і кіраўнікоў міністэрстваў. У інтэрпеляцыях (у 1927 выйшлі ў Мінску асобным выданнем на бел. і рус. мовах) і інш. дакументах выкрываліся факты грубага парушэння мясц. польск. адміністрацыяй канстытуцыі дзяржавы і падпісаных Польшчай міжнар. трактатаў, беспадстаўныя арышты і збіванне палітзняволеных, абкладанне сялян Зах. Беларусі непамернымі падаткамі, рэпрэсіі супраць бел. перыядычнага друку і інш. Вядома 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны.

А.С.Ліс.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)